Вы тут

Zeman: «Мёртвыя Гуфы кіруюць балем. Усе яны падобныя адзін да аднаго»

Facebook Google+ Twitter VK

У прадвер'і рэлізу беларускамоўнага альбома рэпер Zeman даў інтэрв'ю MZ, у якім распавёў пра напраўленасць і мэты сваёй творчасці...

Zeman

MZ: Асабіста для мяне ўсе твае трэкі вылучаюцца магутным тэкстам з сэнсам. Гэты сэнс ты намагаешся ўкласці ў кожную песню, што даволі моцна вылучае цябе сярод сучасных выканаўцаў моладзевай музыкі. Адкуль ты бярэш гэты сэнс? Чаму ты адмаўляешся рабіць модны масавы рэп? Як ты займаешся мастацтвам?
Мне сумна, што ў нашым рэпе я гэтым вызначаюся. Я даволі рана прыйшоў да хiп-хоп культуры, таму рос на творчасці выканаўцаў, якія зараз не вельмі шануюцца ў нашым грамадстве. І дарэмна, бо тады можна было слухаць рускамоўны рэп, не рызыкуючы зваліцца на ўзровень падлеткі-наркамана. Там былі Ю.Г., «Рабы Лампы», D.O.B. Зараз такое ўжо не ствараецца. Мяркую, што рускамоўны рэп згубіў свой шанец выйсці на ўзровень Польшчы ці Францыі. А шанец быў. Але грошы, як гэта часта бывае, перамаглі сэнс. Зараз там мёртвыя Гуфы кіруюць балем. Кажу ва множным ліку, бо ўсе яны падобныя адзін да аднаго. Я зараз іх увогуле не адрозніваю. Ёсць, праўда, Вадзяра Блюз, які робіць вельмі моцныя рэчы па тэксце i па агульным уражанні. Але на гэтым, напэўна, і ўсё. На маю творчасць яшчэ моцна паўплывала дваровае мінулае. У дварах заўсёды шанаваўся расійскі рок – ДДТ і Кiно. Потым я сам дайшоў да творчасці Іллі Чорта. Там я таксама бяру натхненне, а гэта музыка не для «дупатросу». Канешне, яшчэ ёсць і замежны рэп – Wu-Tang Clan, M.O.P., Onyx, Suprême NTM. Гэта больш дзеля формы, але ж нельга лічыць, што замежныя тэксты пустыя. Паслухайце, напрыклад, Atmosphere цi Doujah Raze. Вось і для мяне рэп – гэта трыбуна, з якой я магу выказаць свае думкі, а не проста месца, дзе я магу пагуляцца з рыфмай. 

MZ: Праглядаючы розныя рэцэнзіі на твае трэкі ці альбомы, я звычайна здзіўляюся, як ты паспяваеш аддаваць столькі часу музыцы, сумяшчаць гэта з працай і асабістым жыццём. Сапраўды, штогод выдаваць па альбому можа сабе дазволіць далёка не кожны выканаўца. А ты яшчэ ў сваю чаргу паспяваеш выдзяляць час на «самотнікі». Як ты паспяваеш гэтым займацца? Распавядзі пра тое, як ты ствараеш музыку.
Калi не ставiшся да гэтага, як да сваёй працы, атрымліваеш з гэтага задаваленне i не чакаеш ад творчасцi грашовай аддачы, то нiчога ў гэтым складанага няма. Справа тут не ў тым, ці можаш ты дазволiць сабе такую раскошу, як выданне альбому штогод, а ў тым, цi хочаш ты гэтага. Хтосьці кажа, што яму трэба творчасць i ўдзел у гэтай культуры, а пасля таго, як выяўляецца, што яго альбом нiкому не патрэбны, ён кажа, што рэп – гэта дзiцячая гульня, а потым пакiдае яго. У такiм выпадку нi ён, нi рэп нiчога не губляюць. Я пабачыў тут ужо шмат якіх «зорак». «Зорак», якія забыліся на рэп, якія падаліся ў папсу. Ведаю, што яны з мяне смяюцца. І няхай. Мяне, напрыклад, нiяк не прываблівае жыццё офiснага планктону. Таму я нават не заўважаю, колькi ў мяне часу займае творчасць. Гэта проста неад’емная частка майго жыцця. Я яе не вылучаю, як нейкую асобную. Я жыву, а ў працэсе майго жыцця з'яўляюцца тэксты. Я нават тэлефон сабе набыў такi, на якiм зручней тэксты набіраць у метро. Я без творчасцi чалавек нудны. Нават сам для сябе. 

MZ: А што на цябе паўплывала такім чынам, што ты вырашыў займацца і беларускамоўным, і рускамоўным рэпам? Здаецца, што многія зараз наадварот ідуць альбо цалкам у беларускамоўны рэп, альбо цалкам у рускамоўны.
Напэўна тое, што я валодаю абедзвюма мовамі. Я не стаўлюся да сваёй беларускамоўнай творчасці, як да палітычна матываванай. Напэўна, гэта мне таксама дапамагае. Беларуская мова – гэта такая ж мова, як i руская, ангельская, польская. І не патрэбна яе прывязваць да палiтыкi – на ёй людзi размаўлялi i размаўляюць пра ўсё, а не толькi пра палiтычныя моманты. А многія беларускiя рэперы не чытаюць па-беларуску з той банальнай нагоды, што яны не валодаюць мовай, i яна, на жаль, з'яўляецца для iх роднай толькi на паперы. Але гэта справа кожнага. Мая справа пачынаецца толькi тады, калi хтосьцi кажа, што беларуская мова калгасная. Такіх я магу i па-руску паслаць, яны ж горшыя за фашыстаў. Дарэчы, як i той, хто абражае рускую мову. 

MZ: Якія беларускія выканаўцы цябе ўразілі ў мінулым годзе?
Уразіла група «Куба» сваім альбомам, хоць я і ведаў, што ў iх атрымаецца добра, бо дзядзькі дасведчаныя.Арцём Inamess сваiмi тэкстамi, якія былі моцнымі час ад часу. M.I.N.S.K. захавалi свой стыль i не паддаліся на модныя тэндэнцыі. Як бачым, беларускамоўных выканаўцаў няма. Магчыма, я сам здолею каго-небудзь уразіць у цяперашнім годзе. 

Дадаць каментар

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.