Вы тут

«Гэты дзень мы ніколі не забудзем». Як Naviband праводзілі на «Еўрабачанне»

Facebook Google+ Twitter VK

22 красавіка ў Палацы прафсаюзаў адбыўся вялікі акустычны канцэрт групы Naviband – апошні перад «Еўрабачаннем». Ужо амаль праз тыдзень яны адправяцца ў Кіеў, дзе выступяць у другім паўфінале. Канцэрт у Палацы прафсаюзаў арганізатары назвалі «провадамі на конкурс». Як беларусы адпраўлялі Naviband на «Еўрабачанне» назірала Святлана Галуза.

Naviband

Зала вельмі хутка запоўнілася людзьмі розных узростаў – ад школьнікаў да людзей сталага веку. Многія прыходзілі з кветкамі і падарункамі. На сцэне сярод інструментаў знаходзіліся кантрабас і вялізны раяль – знаёмым мелодыям музыкі вырашылі дадаць новае гучанне. Побач стаялі чамаданы – паказальнікі доўгай дарогі. А на фатэлях гледачоў ужо чакалі сэрцайкі з інструкцыямі для флэшмоба, які стаў сапраўдным сюрпрызам для групы.

Пасля нядоўгага чакання на сцэне з’яўляюцца героі вечара – музыкі групы Аляксандр Табольскі, Уладзіслаў Чашчавік, Уладзімір Бегер і салісты Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук. Усмешкі імгненна заззялі на тварах людзей. Гэты канцэрт стаў нечаканым і незвычайным для ўсіх. Па-першае, ён праходзіў у сядзячай зале, але нават гэта не перашкаджала танцаваць. Па-другое, на песні «Доброе утро» падчас прыпеву ўся зала запоўнілася рознакаляровымі сэрцамі, якія паднялі гледачы, а на першым радзе з’явіўся надпіс «Naviband, мы вас любім!» Здаецца, артысты нават разгубіліся ад такога сюрпрызу. А пасля песні выказалі асабістую падзяку афіцыйнаму фан-клубу групы, які і падрыхтаваў флэшмоб.

Naviband

Камернасць абстаноўкі хутка знікла: на вясёлых песнях нікому не сядзелася на месцы. Некалькі дзяўчат нават размясціліся на падлозе з левага боку ад сцэны. Час ад часу Арцём і Ксенія пазіралі на іх і ўсміхаліся. На працягу ўсяго канцэрта да сцэны падыходзілі прыхільнікі гурта з кветкамі і падарункамі. Кожнага чалавека Арцём і Ксенія імкнуліся абняць, для кожнага знаходзілі добрыя словы.

Naviband

– Гэтую дзяўчынку завуць Маша, – прадстаўляе маленькую фанатку Ксюша. – Яна брала ў нас інтэрв’ю. Вось газета, тут мы ёсць.

У канцы Арцём і Ксенія, як заўсёды, прадставілі тых, хто разам з імі ствараў неверагодную атмасферу вечара, а пасля традыцыйнай для заканчэння канцэртаў «Калыбельнай» паспешліва зніклі са сцэны. Гледачы не збіраліся іх адпускаць: зала стоячы апладавала і скандавала «дзякуй». Артысты пачулі і павярнуліся.

– Пачыналі ўдвох – удвох і закончым… сёння, – прамаўляе Ксенія.

Naviband

Першай песняй «на біс» вельмі сімвалічна стала «Дзякую». Другая – «Абдымі мяне» – здаецца, па-сапраўднаму абняла, аб’яднала ўсю залю: нават незнаёмыя людзі стаялі і абдымаліся. Таксама Арцём і Ксюша выканалі кавер на песню Calm After The Storm, з якой нідэрландская група The Common Linnets заняла другое месца на «Еўрабачанні-2014». Але і пасля завяршальнага акорда ніхто не спяшаўся дадому.

З людскога натоўпу атрымліваецца выхапіць некалькі людзей, гатовых падзяліцца эмоцыямі і ўражаннямі.

Naviband

– Увогуле, немагчыма асэнсаваць, што мы тут былі, – прызнаецца адзінаццацікласніца Ангеліна. – Гэта проста неверагодна ўтульная атмасфера. Мы падпявалі амаль увесь канцэрт, нават сарвалі голас. Цяжка было сядзець на месцы – усе песні жвавыя і рухавыя. Арцём і Ксюша неверагодна зараджаюць шчасцем, энергіяй. Як кажа мая сяброўка, каб падзяліцца эмоцыямі, мне школьных перапынкаў не хопіць.

Прадстаўніца афіцыйнага фан-акаўнта Naviband Дар’я ехала на канцэрт з Пінска. Яна вельмі доўга чакала гэтага дня і разам з сяброўкамі рыхтавала флэшмоб, каб падтрымаць гурт. Эмоцыі перакрываюць, і яна ледзьве знаходзіць словы.

Naviband

– Неверагодна прыгожая Ксюша, як заўсёды, класны Арцём, смешны Саша, засяроджаны Улад і актыўны Вова... Гэта лепшая група, лепшы дзень і лепшы канцэрт. Я ніколі ні ў кога не бачыла такой падтрымкі, такой любові. Столькі цеплыні і душэўнага спакою можа быць толькі дома. Я хвалявалася з-за флэшмоба – вельмі хацелася, каб усе людзі падтрымалі яго. Аднак усё атрымалася.

Naviband

Нарэшце з выхаду з’яўляюцца Арцём і Ксенія. На стомленых тварах – усмешкі. Жадаючых падысці, аддаць падарункі, абняцца, сфатаграфавацца ды падзяліцца эмоцыямі шмат, але ўсе ведаюць – Navi знойдуць час для кожнага. Паміж размовамі з фанатамі яны паспяваюць адказваць і на пытанні журналістаў.

– Такі фармат канцэртаў нам вельмі спадабаўся, – дадаюць яны напрыканцы, – таму абавязкова зладзім яшчэ. Флэшмоб атрымаўся незабыўным і вельмі парадаваў. Гэты дзень мы дакладна ніколі не забудзем.

Naviband

Дадаць каментар

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.