Вы тут

Як Дудуткі адзначылі «Свята Сонца»

Facebook Google+ Twitter VK

Як сёння беларус можа адзначыць нацыянальнае свята – Купалле? Такое пытанне задаюць многія, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай. І, як правіла, знайсці адказ з кожным годам становіцца ўсё складаней: звычаі губляюць папулярнасць, некаторыя традыцыі паступова сыходзяць у мінулае. Аднак энтузіясты з экстрым-тэатра «Берсерк» спрабуюць аднавіць старадаўнія звычаі. Каманда MZ production завітала на штогадовы фестываль «Свята Сонца», які ўжо трэці раз збірае музыкаў і слухачоў для святкавання сапраўднага беларускага свята Купалля.

Свята Сонца

«Гэй, ліцвіны!» ­– менавіта такімі словамі на мінулых выходных сустрэла слухачоў група «Стары Ольса». Аб руху самага вядомага ў Беларусі (а з нядаўніх часоў – пасля туру па Амерыцы – і досыць вядомага па-за межамі краіны) фолк-калектыву не ведаў, здаецца, толькі лянівы чалавек, бо накат іх творчасці здольны знесці з ног кожнага, хто толькі на імгненне ўключае ў сваіх слухаўках якога-небудзь прадстаўніка дадзенага стылю музыкі. Менавіта «Стары Ольса» задаў самабытную і арыгінальную атмасферу фестывалю, якую падтрымалі і іншыя групы: на сцэну таксама выйшлі Irdorath, Pawa, Рокаш, By Cry, Bcё Сrazy, Hardwood, Plemя, Кетри.

Свята Сонца

Акрамя этна-фолк-музыкі, якая дапамагала кожнаму наведвальніку апынуцца ў сярэднявеччы, на фестывалі таксама былі і разнастайныя тэматычныя пляцоўкі. «Гэта выдатная магчымасць адчуць дух старадаўніх звычаяў», – такі водгук пакінула для нас наведвальніца фестывалю Алена і дадала: «Тут можна пабачыць усё, што цікава аматару беларускай мінуўшчы, гісторыі і культуры». Сапраўды, для таго каб «апынуцца ў сярэднявеччы» дастаткова было наведаць адпаведныя пляцоўкі, якіх на фестывалі было дастаткова. Тут, здаецца, можна было знайсці ўсё: горад майстроў, старадаўні кірмаш, этна-пляцоўка, абрадавая пляцоўка. І гэта, безумоўна, дае «Святу Сонца” перавагу над многімі іншымі беларускімі фестывалямі, таму што ствараецца неабходная атмасфера, якая пануе напрацягу ажно двух дзён.

Свята Сонца

«Я рэдка выязджаю на фестывалі, але гэта, безумоўна, лепшы з тых, на якіх я была. Групы выклаліся выдатна, атмасферы хапіла на ўсіх», – распавяла Ганна Рагачэвіч. Свае ўражанні выказаў і Дзмітрый Садоўскі: «Доўгае чаканне таго каштавала! Асабліва ўразілі пляцоўкі, якія зладжаны на фестывалі. Даведаўся шмат чаго новага!»

Напрыканцы першага дня фестывалю, калі Сонца пачало сыходзіць за гарызонт, арганізатары зладзілі абрад Купалля. Фаер-шоў, шмат яскравых фарбаў, карагоды – менавіта так музыкі святкавалі Купалле.

«”Свята сонца“ – несумненна адзін з тых фестывалей, якія абавязкова варта наведваць штогадова», – лічыць наша суразмоўца Алена. І сапраўды, бо на ім можна не толькі добра прабавіць час, паслухаць любімыя групы, але і даведацца многае пра традыцыі нашых продкаў. А гэта, безумоўна, важна і надае фестывалю асаблівую адметнасць сярод іншых падзей гэтага лета.

Дадаць каментар

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.