Вы тут

«Уключай біт»: MZ production ладзіць новы штогадовы фэст

Facebook Google+ Twitter VK

Уключай біт

У пятніцу, 21 красавіка, у сталічным Loft Café адбыўся хіп-хоп фестываль з гаворачай назвай «Уключай біт», арганізаваны лэйблам MZ production. Падзея, трэба сказаць, не самая частая для нашай краіны, і ад таго яшчэ больш вызывае цікавасць. Структурна фестываль быў падзелены на 4 секцыі: лекцыйная, батлавая, секцыя беларускамоўнага рэпа, секцыя рускамоўнага рэпа. Кожная з іх была па-асабліваму цікавай. Як праходзяць рэп-фестывалі ў Беларусі даведваўся Вячаслаў Арастаў.

Уключай біт

У гэтым івэнце прыняла ўдзел вялікая колькасць маладых і пачынаючых выканаўцаў. На сцэне выступалі «4истый продукт», «Подземный переход», No Name, «Роберт Нэйлон», «К19», Young Yuppie, Somilee feat. Rmao і інш. Дарэчы, гэта быў не батл у традыцыйным уяўленні, дзе ўдзельнікі павінны «знішчыць» апанента рымай і панчамі. Удзельнікі фестывалю проста выконвалі па 2-3 кампазіцыі і ў выніку журы выносіла рашэнне аб тым, хто ж стане пераможцам. Падчас выступлення ўдзельнікаў батла публіка паводзіла сябе даволі сціпла, але ўсё ж такі частка гледачоў «адрывалася» як трэба (як потым высветлілася, самымі актыўнымі гледачамі былі ўдзельнікі групы «К19»). Можа так і трэба, бо як не круці, але малазнаёмых артыстаў заўсёды сустракаюць з некаторай прахалодай – гэта вечная праблема ўсіх батлаў. А тут яшчэ прыблізна і палова гледачоў, якія любяць назіраць за батлам ля барнай стойкі з півам ці кактэйлямі. Падчас гэтага выступу арганізатары правялі таксама два конкурсы-латэрэі, падчас якіх разыгрываліся майкі з прынтам «Minsk underground» ад M.U.Skool і іншых партнёраў. Пераможцамі батлавай секцыі сталі «Подземный переход», «К19», Somilee feat. Rmao.

Уключай біт

Уключай біт

Вельмі здзівіў маштаб мерапрыемства. Акрамя музычных частак на ім было нават невялічкае дэфіле ад мадэльнага агенцтва K&O Models – аднаго з партнёраў мерапрыемства. Пасля яго пачалася трэцяя, зусім невялічкая, але вельмі важная секцыя – беларускамоўная. У рамках яе выступілі толькі 2 артысты – Маўр і адзін з арганізатараў мерапрыемства, стваральнік і кіраўнік лэйбла MZ production – Мікола Заяц пад нікам MikZa. Дарэчы, не гледзячы на тое, што першы артыст падглядаў тэкст у тэлефон (аб чым, праўда, папярэдзіў гледачоў), беларускамоўная секцыя сапраўды сарвала вялікія апладысменты і бурную рэакцыю гледачоў.

Уключай біт

Наогул жа, як лічыць Мікола Заяц, адзін з арганізатараў фестывалю, яго апошнім часам радуе паляпшэнне сітуацыі вакол беларускай музыкі: «Улічваючы колькасць людзей, якія сёння прыйшлі, я бачу сэнс працягваць ладзіць такія фестывалі. Наконт менавіта гэтага фестывалю я ўпэўнены, што ён стане штогадовым. Мы ўжо зараз думаем, як і дзе арганізоўваць фестываль у наступным годзе. Да гэтага ў нас ёсць паралельныя праекты. На жаль, гэта наш апошні канцэрт вясной, сезон падыходзіць да завяршэння, наступныя падзеі мы будзем ладзіць восенню. Я пакуль не буду выдаваць усе падрабязнасці, але з беларускай культурай мы будзем працягваць працаваць. Мы арыентумся менавіта на гэты напрамак».
І завершылася мерапрыемства секцыяй рускамоўнага рэпу, у межах якой выступілі папулярныя выканаўцы і каманды. Фестываль сабраў сапраўды найлепшых на адной сцэне: ад M.U.Skool, удзельнікамі якога былі Макс Корж і ЛСП, да Murovei, які запісваў трэкі з вядомым расійскім рэперам Гуфам. Тут публіка ўжо закіпела, усё ж такі на сцэну выйшлі артысты, якія ўжо зрабілі сабе імя і маюць павагу як сярод калег па цэху, так і сярод слухачоў.

Уключай біт

Увогуле арганізатарам можна падзякаваць за якаснае правядзенне фестывалю, бо бачных праблем з арганізацыяй не было. Таму можна з абсалютнай упэўненасцю чакаць «Уключай біт» у наступным годзе.

Уключай біт

Дадаць каментар

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.