Вы тут

«Свята сонца» як свята жыцця: як музыкі адзначылі Купалле

Facebook Google+ Twitter VK

25-26 чэрвеня на тэрыторыі музейнага комплекса «Дудуткі» прайшоў фестываль «Свята сонца». Галоўнай ідэяй правядзення фестывалю стала святкаванне старажытнага свята Купалля. Каб адсвяткаваць народнае свята разам з беларусамі, на фестываль таксама прыехалі групы з Расіі і Украіны. У выніку арганізатары (а ў якасці іх быў экстрым-тэатр «Берсерк») дамагліся таго, што музычная палітра на фестывалі не змагла пакінуць наведнікаў абыякавымі. Разам з тым, была зладжана цікавая забаўляльная праграма. Чаму на Купалле абавязкова трэба ехаць у «Дудуткі»? Адказ на пытанне шукала карэспандэнт MZ production Ганна Рагачэвіч.

«Свята сонца»

«Гэта выдатная магчымасць апынуцца ў сярэднявеччы», – такі водгук пакінула для нас наведвальніца фестывалю Алена і дадала: «Тут можна пабачыць усё, што цікава аматару беларускай мінуўшчы, гісторыі і культуры». Сапраўды, для таго каб «апынуцца ў сярэднявеччы» дастаткова было наведаць адпаведныя пляцоўкі, якіх на фестывалі было дастаткова. Тут, здаецца, можна было знайсці ўсё: нехта мог прайсці каля шэрагаў рамеснікаў і майстроў, паглядзець і набыць цікавыя скураныя, драўляныя, гліняныя вырабы; хтосьці мог падысці да ўласнага музейнага заапарку і пабачыць розных жывёл ад авечак да страусаў і многае іншае.

”Свята сонца“

«Асабліва цікава мне было паглядзець на тое, па якой тэхналогіі вырабляюць гліняныя чыгуны», – працягвае наша суразмоўца Алена. Каля майстроў па гліняным вырабам сабраўся немалы натоўп, да якога падышлі і мы. Тое, як яны гэта робяць – сапраўды неверагодная рэч! Сумесь майстэрства кіравання адмысловай платформай з уменнем надаваць форму вырабу проста ўражвае. І гэта для майстроў не проста хобі, а прафесійны занятак, якому яны аддалі шмат гадоў.

”Свята сонца“

Падчас чакання выступаў груп, частка натоўпу пайшла на зону, створаную адмыслова для тых, хто з’яўляецца аматарам сярэднявечнай зброі. Там кожны жадаючы змог апрабаваць сярэднявечныя прылады зброі – пастраляць з лука ці арбалета ў бутафорскага кабанчыка альбо ў мішэнь, а гэтак жа палазіць па імправізаваных скалах на скаладроме.

”Свята сонца“

Паспрабаваць станчыць старадаўні танец і павадзіць карагоды можна было на невялікай пляцоўцы пад гукі валынкі. Саму ж асноўную музычную частку фестывалю склалі 20 груп. А 15-ай гадзіне на сцэну фестывалю выйшла добра вядомая беларускай моладзі група Navi. Хлопец i дзяўчына адразу ж сагрэлі публіку сваімі добрымі і цёплымі песнямі. Праз пэўны час пад сцэнай сабраўся яшчэ большы натоўп – а як жа інакш, калі для выканання песень выйшла група «Рокаш»! Нягледзячы на некаторыя хібы з апаратурай, «Рокаш», як заўсёды, быў прыняты на «ура».

На фестывалі «Свята сонца» ніяк немагчыма абмінуць культ шанавання продкаў, а таму песня «Духі зямлі» была як нельга да месца. Кампазіцыю «Крумкач» фанаты спявалі хорам, а іншую з песень – «Ваўкалака» – было чуваць на ўсе Дудуткi!

”Свята сонца“

Украінская група FRAM паказала ўсім не толькі свой уласны стыль выканання, але і прэзентавала рэміксы песень Rammstein, напрыклад, скандальна вядомай Pussy. Таксама яны выканалі песні на родная мове, сярод якіх неймаверныя «Неначе востаннє», «Королева» і некалькі песень пра ірландскіх валацугаў. Вясёлы рок з валынкай і чароўным голасам салісткі дапамог адчуць магутны дух часоў кельтаў і сярэднявечча. Увогуле падбор груп і іх шоу добра адпавядалі тэматыцы і агульнай атмасферы фестывалю. Адзіным выключэннем у музычным плане, напэўна, стала дастаткова слабая музычныя апаратура, праца якой паўплывала на гучанне груп.

Падчас выступу групы Pawa, калі сонца ўжо пачало сыходзіць за гарызонт, перад сцэнай паказаў шоу слуцкі калектыў «Магія агню», а за тэрыторыяй «Дудутак» у той жа час у неба падняліся паветраныя шары. Кожны жадаючы мог падняцца ў паветра, каб паглядзець на вячэрнія «Дудуткі» з вышыні птушынага палёту.

”Свята сонца“

«”Свята сонца“ – несумненна адзін з тых фестывалей, якія абавязкова варта наведваць штогадова», – лічыць наша суразмоўца Алена. І сапраўды, бо на ім можна не толькі добра прабавіць час, паслухаць любімыя групы, але і даведацца многае пра традыцыі нашых продкаў. А гэта, безумоўна, важна і надае фестывалю асаблівую адметнасць сярод іншых падзей гэтага лета.

Дадаць каментар

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.