Вы тут

The Neighbourhood у Мінску: «Аднойчы, прыехаўшы ў Каліфорнію, ты ніколі не захочаш вярнуцца назад»

Facebook Google+ Twitter VK

«Прывітанне з Каліфорніі!» ­– такімі словамі ў мінулую суботу група The Neighbourhood павітала сталічную публіку са сцэны Prime Hall. Аб руху самага меланхалічнага калектыву нашага часу не ведаў, здаецца, толькі лянівы чалавек, бо накат хвалi індзі-напрамку здольны знесці з ног кожнага, хто толькі на імгненне ўключае ў сваіх слухаўках якога-небудзь прадстаўніка дадзенага стылю музыкі. А хто як не The Neighbourhood з'яўляюцца непасрэднымі ідаламі і, несумненна, прафесіяналамі у гэтым напрамку? У чорна-белыя матывы ўлюбляешся адразу і назаўсёды. Здаецца, няма ніводнага чалавека, які б паслухаўшы альбом «Wiped out!» заявіў, што гэтая музыка «не каціць».

The Neighbourhood (фотаздымак з сацыяльных сетак)

Прыезд амерыканскай пяцёркі нарабіў шмат шуму сярод прыхільнікаў групы, якія за лічаныя дні раскупілі фактычна ўсе квіткі ў фанзоне і не пераставалі выхваляцца фатаздымкамі сваіх квіткоў-трафеяў у профілях «Інстаграма». Заставалася толькі з нецярпеннем чакаць дня канцэрту і думаць над ужо традыцыйным для ўсіх канцэртаў флэшмобам.

The Neighbourhood (фотаздымак з сацыяльных сетак)

У дзень мерапрыемства ў ГЦ «Замак» было асабліва шумна. Шчаслівыя ўладальнікі білетаў на фанзоне вырашылі не губляць часу і з самай раніцы займалі чаргу, каб займець месца ў жаданым першым шэрагу, прама каля сцэны. Яно і не дзіўна: многія чакалі гэтага канцэрту доўгі час. «На працягу трох гадоў па-вар'яцку марыла трапіць на канцэрт хлопцаў», – падзялілася з намі Вераніка Бургарт, фанатка групы. «Мы прыйшлі за 9 гадзін да канцэрта, каб стаяць бліжэй да сцэны. Жудасна стаміліся у чарзе, да сярэдзіны канцэрту я нават не магла спяваць. Затое нам усё выдатна было відаць: мы стаялі ў другім шэрагу».

The Neighbourhood (фотаздымак з сацыяльных сетак)

Дарэчы, першыя фанаты нiколькi не пашкадавалі пра доўгае чаканне, бо ў пэўны час перад канцэртам лёгкай хадой і з упэўненым выглядам, не баючыся быць разарваным на кавалачкі, выйшаў басіст Майкі Маргат і, не спяшаючыся, накіраваўся ўніз па эскалатары ў краму, на што фанаты, якія сядзелі ў чарзе адрэагавалі вельмі спакойна: толькі хіхікаючы зрабілі некалькі фотаздымкаў. Артысты вельмі прыязна рэагавалі на прыхільнікаў, што сустракалі іх на шляху і заўзята смяяліся з таго, што некаторыя слаба разумелі, што The Neighbourhood робяць у «Кароне» і ці The Neighbourhood гэта наогул. Фанат Арцём падзяліўся: «Мне давялося сустрэцца з Джэсі Разерфордом і Майкі Маргат асабіста, яны абодва былі вельмі прыязныя і таварыскія, не адмаўлялі ў просьбах аб фота. На жаль, ні з кім з іншых удзельнікаў групы перасекчыся не атрымалася. Джэсі даказаў, што сапраўды любіць сваіх фанатаў, калі я ўбачыў яго “лайк” у сацсетцы пад нашай з ім фатаграфіяй. Яму шлюць іх тысячамі, але пры гэтым ён усё роўна шчыра праглядае ўсе».

The Neighbourhood (фотаздымак з сацыяльных сетак)

«Я не часта хаджу на канцэрты, але гэты вызначана лепшы. Група выклалася на 100%. Вядома, гук у Prime Hall не вельмі добры, але адчуць усю атмасферу канцэрту гэта не перашкодзіла», – распавяла Юлія Бароўская. Свае ўражанні выказаў і Аляксей Бундур: «Я таксама прыйшоў рана, да 11-й раніцы, таму што хацелася трапіць у першы шэраг. У мяне атрымалася. Доўгае чаканне таго каштавала, хлопцы выклаліся на поўную! Велізарную нечаканасць выклікала песня «Jealousy», бо яна не гучала ў іншых гарадах на нядаўніх канцэртах "чорна-белых". Арганізатары малайцы!»

Дадаць каментар

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.