Вы тут

Макс Корж: «Я раблю тую музыку, якая дае мне магчымасць выказвацца»

Facebook Google+ Twitter VK

Адыграўшы вялікія канцэрты ў Беларусі, Украіне і Расіі, якія адбыліся з аншлагам, Макс Корж даў інтэрв’ю MZ production, у якім распавёў пра свае ўражанні пасля «узлётнага сакавіка», а таксама пра іншыя музычныя навіны ў творчым жыцці.

Макс Корж

MZ: Макс, у сакавіку ты адыграў 4 вялікія канцэрты – у Мінску, Маскве, Кіеве, Санкт-Пецярбургу. Распавядзі пра свае ўражанні. Як беларускаму рэперу ўдалося сабраць такую колькасць людзей?
Сакавіцкія канцэрты вельмі спадабаліся. Выступы атрымаліся. Уразіла шмат чаго. Вельмі шмат народу сабраў Палац спорту. Масква, Кіеў і Санкт-Пецярбург таксама не падвялі. Прыходзілі розныя людзі, але ўсе былі цікавымі. Адрыў атрымаўся. Далей будзем браць новыя вышыні. 

MZ: У музычным асяроддзі стыль той музыкі, якую ты робіш, выклікае спрэчкі: нехта кажа, што ты поп-спявак, хтосьці лічыць цябе самым сапраўдным рэперам. А як ты сам вызначаеш стыль музыкі, якую ствараеш?
Многія называюць мяне дзіўным «поп-хіп-хопам», але, я думаю, такога не бывае. Такія спрэчкі ўжо выйшлі за межы толькі папсы і рэпа, таму што ў маёй музыцы з’яўляюцца новыя элементы некаторых іншых стыляў, якія пашыраюць такія спрэчкі. Я не адношу сябе да нейкага агульнага стылю. Я не хачу абмяжоўвацца нейкім адным напрамкам. Я раблю тую музыку, якая дае магчымасць адрывацца і добра праводзіць час мне і маім слухачам. Я раблю тую музыку, якая дае мне магчымасць выказвацца. Мяне цікавяць розныя стылі ў музыцы. Таму і музыка, якую я раблю – гэта мікс розных стыляў, які заснаваны на хіп-хопе. 

MZ: Колькі гадоў ты ўвогуле займаешся музыкай?
У 7-8 гадоў я пачаў вучыцца ў музычнай школе, дзе правучыўся 8 гадоў. Недзе ў 13 гадоў я зрабіў першыя трэкі. З гадоў 16-17 мы ўжо пачалі чытаць рэп з хлопцамі. 

MZ: У свой час ты быў удзельнікам гуртоў LunClan і M-City, але гэтыя гурты распаліся і ты стаў займацца сольнай творчасцю. За тваімі плячамі стаіць запіс першага сольнага альбома «Животный мир», які і даў табе магчымасць выйсці ў масы як выканаўца. Як ты яго пісаў? Для каго ты пісаў гэты альбом?
Я з’яўляюся аўтарам тэкстаў, музыкі, усё рабілася мной і маімі сябрамі. У той час, калі я пісаў альбом, я асабліва не задумваўся аб тым, на якога слухача ён будзе накіраваны. Я пісаў яго для людзей, якія былі побач са мной. Пасля таго, як «Животный мир» быў запісаны, атрымалася так, што ён патрапіў на расійскі лэйбл Respect Production, дзе яго паслухалі і кіраўніцтва лэйбла прапанавала мне заключыць кантракт. Цяпер я працую пад гэтым лэйблам. Пісаў альбом я ў войску. 

MZ: Ты служыў? Распавядзі пра тое, як адбілася войска на тваім жыцці, як яно паўплывала на цябе і тваю творчасць.
Так, служыў. Пра войска я магу расказаць шмат чаго. Я служыў у рэзерве. Нехта кажа, што гэта не вельмі крута. Але мне тады было ўжо не 18 гадоў і не хацелася ісці служыць з маладымі. Быў такі пераломны момант у маім жыцці, калі ў мяне быў выбар ісці ці не ісці на адтэрміноўку. Я вырашыў не ісці. І вось якраз за месяц да ўсяго гэтага, калі я хадзіў на перыяды, я пісаў альбом. Гэта было для мяне нейкім стымулам. Так і ствараўся«Животный мир». Пра войска вельмі шмат успамінаў. Трэба ісці ў войска ці не – сказаць складана. Калі табе няма чым заняцца – ідзі ў войска, там табе скажуць чым займацца. Войска – гэта аднастайнасць, манатоннасць. Чаму яно вучыць? Яно навучыла мяне толькі адрозніваць людзей, бо жывеш з людзьмі, падобнымі па характару, знешнасці. Ты вучышся жыць з людзьмі, знаёмішся з цікавымі і не вельмі людзьмі. Ты вучышся адрозніваць людзей. Вось гэтаму вучыць войска. 

MZ: Якія адносіны ў цябе з адукацыяй? Ты спрабаваў скончыць факультэт міжнародных адносін БДУ, але так яго і не скончыў. Ці збіраешся ты атрымліваць вышэйшую адукацыю?
Не, мяне гэта ўжо не цікавіць, стопудова. Можа я не такі разумны, чым нехта там яшчэ, але мне ўсё роўна. Адукацыя для мяне з’яўлялася падставай адкасіць ад войска. 3 гады я намагаўся адкасіць, абходзіў кабінеты, а потым мне стала ўсё роўна. Зараз у мяне дастаткова грошай, каб не задумвацца аб іх колькасці. Адукацыю атрымліваць я не збіраюся. 

MZ: А колькі грошай ты атрымліваеш з музыкі? Калі музыка пачала ісці ў плюс у фінансавым плане?
Музыка пайшла ў плюс тады, калі я пачаў выступаць клубах. Я пачаў зарабляць па 50$ за ноч. Да гэтага я мала дзе працаваў. І 50 даляраў для звычайнага студэнта – тады гэта было вельмі многа. Першы ганарар з музыкі я атрымаў у тыя часы, калі займаўся бітмэйкінгам – я прадаў мінус Gapon’у за 100 даляраў. За некалькі тысяч даляраў я прадаў мінус адной дзяўчыне, дачцы алігарха. Мы потым жылі на гэтыя грошы месяц і проста хадзілі і раскідвалі іх. 

MZ: Як цябе ўспрыняў расійскі шоў-бізнэс?
Успрыняў добра. Перасякаемся часам на расійскім тэлебачанні з яго прадстаўнікамі, там часта бываюць чувакі гэтыя. Вось нядаўна з Калдуном у адной грымёрцы сядзелі. «БиС» нармальныя хлопцы, ну не так, як па творчасці, канечне. 

MZ: Зараз ты запісваеш другі альбом. Што вядома пра яго? Якая тэматыка будзе ў яго? Якая канцэпцыя?
Тэматыка ў ім будзе больш сур’ёзная, капнем трохі глыбей. Той жа «Животный мир», тыя ж узаемаадносіны паміж людзьмі, добрыя і дрэнныя. Па канцэпцыі — ён будзе менш хіп-хопавы, больш змешаны. Ён будзе зроблены па-даросламу — выйдзе на носьбітах, паўсюль будзе прадавацца вялікім накладам. 

MZ: Распавядзі пра трэкі, якія будуць на ім. У адной з размоў ты казаў, што туды ўвойдзе твая вядомая песня «Мотылёк». Чаму ўсе дзяўчыны фанацеюць ад гэтай чыста мужчынскай песні?
Ведаеш, дзяўчынам падабаецца драма, ім падабаецца спагадаць камусьці, нават калі яны самі затапталі ў гразь. Вось такія яны дзіўныя. Іх немагчыма зразумець. Гэтую песню слухаюць і мноства хлопцаў. Напэўна, адна з самых пацанскіх на альбоме. На альбоме будзе шмат новых, «незвычайных» трэкаў. 

Дадаць каментар

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.