Вы тут

«Файне місто»: аб тым, якімі бываюць фестывалі ў Еўропе

Facebook Google+ Twitter VK

На пляцоўцы Цярнопальскага аэрапорта адшумеў музычны фестываль «Файне місто». На ім выступіла больш за 80 выканаўцаў з розных краін Еўропы, Амерыкі і СНД. Хэдлайнерамі мерапрыемствы сталі Lordi, Zdobși Zdub, Brutto, Dead by April, Adept, Pain, «Бумбокс» і іншыя. Адразу хочацца сказаць, што мы ехалі туды амаль суткі. Аднак ні кропелькі не пашкадавалі. Як ладзяцца буйныя фестывалі ва Украіне чытайце ў нашым рэпартажы.

Файне місто

Фестываль «Файне місто» здзівіў сваім маштабам. Галоўны лозунг фестывалю гучыць так: «тэрыторыя вольных людзей». Арганізатары сцвярджаюць, што іх галоўная мэта  — пабудаваць горад, у якім кожны хоць ненадоўга зможа забыцца пра свае праблемы і напоўніцца энергіяй волі і звар'яцелым драйвам жыцця. Падаецца, што за не асабліва вялікія грошы (па меркам беларускіх фестываляў, вядома) можна некалькі дзён адпачываць, пабачыць мноства груп, знайсці шмат новых цікавостак і проста добра правесці час. І гэта  толькі маленькі адсотак таго, што змаглі зрабіць арганізатары фестывалю. Ім удалося прыстасаваць тэрыторыю былога міжнароднага аэрапорта пад буйны музычны фестываль. І зрабіць гэта так, каб было сапраўды зручна. Зрэшты, арганізатары не пашкадавалі сваёй моцы: было зладжана намётавае мястэчка на тэрыторыі фестывалю (там было ўсё неабходнае для нармалёвай жыццядзейнасці: душавыя кабінкі, электрычнасць, дровы, арэнда спальнікаў, ежа, прыбіральні і г.д.), усталяваны ажно 6 сцэн (Main stage – галоўная, Dark stage – цяжкая, Light stage – індзі/поп/электроніка/фолк, Viknar’off ufo stage – электроніка, Reggae stage – рэгі, Amphitheatre – літаратурная сцэна).

Файне місто

Беларусаў на фестывалі, дарэчы, было дастаткова многа. Прынамсі, па некалькі беларускіх сцягоў было на канцэртах Brutto і «Дай дарогу!», на намётавым мястэчку мы знайшлі яшчэ 7 сцягоў. А увогуле сам фестываль сабраў шмат наведвальнікаў (па падліках арганізатараў, на мерапрыемства прыйшлі каля 10 тысяч чалавек) з Украіны, Беларусі, Расіі, а таксама з больш далёкага замежжа – Грузіі, Польшчы, Літвы. Рэч, вядома, ідзе аб тых людзях, якіх мы сустрэлі.

Файне місто

На фестывалі «Файне Місто» дзейнічалі дзіцячыя, спартовыя і арт-зоны. Можна было схадзіць на атракцыёны, пабадзяцца па хэндмэйд-кірмашы, палюбавацца вулічнымі тэатрамі, паслухаць вершы ў літаратурнай зоне ці проста паглядзець кіно перад сном (калі вы сапраўды вырашылі, што спаць на такіх фестывалях разумная ідэя). Для камфортнага знаходжання на фэсце былі створаны ўсе ўмовы. Нельга не адзначыць кухню фестывалю, там можна было паспрабаваць мноства розных страў, у тым ліку мы знайшлі і ўкраінскую кухню.

Файне місто

Працаваць на такіх мерапрыемствах цікава, але і цяжка. Атрымліваецца так, што ты прыязджаеш у рэдакцыю, каб напісаць матэрыял, і проста не можаш зразумець, аб чым жа табе пісаць, калі перад табой за некалькі дзён выступілі каля 100 груп. Прыходзіцца з скрыгатаннем абіраць найлепшыя выступы альбо тое, што цябе найбольш здзівіла. У апошнім, канешне, вельмі вылучылася беларуская група Intelegency, якая гэтым летам зладзіла ўжо не першы выступ на буйных фестывалях. З украінцаў у фаварытах стала маладая і вельмі драйвовая група «Триставісім». Урэшце, каб зразумець, колькі ж было крутых груп, варта проста паглядзець на іх спіс.

Файне місто

Як і на любым буйным фестывалі, на «Файне місто» таксама прысутнічалі свае недапрацоўкі. Напрыклад, перапоўненыя прыбіральні, вялікія затрымкі з выступамі, слабы гук на галоўнай сцэне. Аднак, сумленна кажучы, гэта не асабліва паўплывала на агульнае ўражанне аб фестывалі. «Файне місто» можна ўпэўнена ставіць у прыклад арганізатарам тых беларускіх фестываляў, на якіх у чэргах у такія ж перапоўненыя прыбіральні можна прастаяць 55 хвілін (прывітанне, «Рок за Баброў») альбо палаяцца з аховай, якой на некалькі соцень чалавек больш, чым у Цярнопалі на ўвесь горад.

Вось так можна зрабіць добры фестываль. Лічу, што галоўная мэта  — пабудаваць горад, у якім кожны хоць ненадоўга зможа забыцца пра свае праблемы і напоўніцца энергіяй волі і звар'яцелым драйвам жыцця – арганізатарамі выканана цалкам.

Дадаць каментар

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.