Вы тут

Джон Купер на фестывалі «Мост»: дзяўчыны з Беларусі самыя прыгожыя ў свеце

Facebook Google+ Twitter VK

На пляцоўцы аэрадрома «Баравая» пад Мінскам 2 ліпеня адшумеў штогадовы музычны фестываль «Мост». Гэтым разам фестываль доўжыўся толькі адзін дзень, а хэдлайнерамі мерапрыемства былі Skillet і «ДДТ». Апроч хэдлайнераў сярод выступоўцаў можна было таксама пачуць групы «Ночные снайперы», «Чип и Дейл», «Рекорд Оркест», Lermont, «Дай дарогу!», 7000$, Super Besse, Brunettes shoot blondes. Як гэта было распавядае карэспандэнт MZ production Ганна Рагачэвіч.

фестываль «Мост»

Сёлета на тэрыторыі фестываля, акрамя двух сцэн, можна было ўбачыць розныя секцыі. Адзін са спонсараў фестывалю, кампанія Tuborg, зрабіла свае зоны. Кампанія прэзентавала наведнікам фотазону, пляцоўку з сёрф-трэнажорам, а таксама арт-зону, дзе прыгожыя дзяўчыны малявалі не менш прыгожыя малюнкі на скуры. Першымі, хто выступіў на пляцоўцы аэрадрома была група «Чип и Дейл». Яны патрапілі на фестываль дзякуючы адборачнаму конкурсу «Наши на МОСТу» і нават атрымалі добрыя водгукі ад Юрыя Стыльскага, саліста групы «Дай дарогу!». Агулам, група «Чип и Дейл» паказала дастаткова высокі ўзровень і добра падышла для разагрэву.

Дыяна Арбеніна пачала свой выступ з віншавання ўсіх беларусаў з Днём незалежнасці, падкрэсліўшы, што сама яна нарадзілася ў Валожыне, таму ведае, што гэта свята значыць для беларусаў. З-за шчыльнага гастрольнага графіку «Ночные снайперы» сыгралі не так шмат песень, як таго хацелі слухачы, але сярод прагучаўшых былі ўсім вядомыя кампазіцыі «Морячок» і «31-ая весна».

Наступная група не выклікала бурных авацый у аматараў рок-музыкі, якіх была большасць на фестывалі. Электронная музыка ў выкананні групы Super Besse прыйшлася па гусце не ўсім. І поруч са сцэнай засталіся толькі знатакі авангарднай музыкі. Стыль калектыву чымсьці нагадаў стыль усім вядомай групы «Кіно». Хлопцы дайгралі апошнюю песню і на другой сцэне з'явілася група Lermont.

фестываль «Мост»

На жаль, гэта група таксама не пакінула адмысловых уражанняў. Песні Lermontа спадабаліся больш аматарам поп-музыкі, чым фанатам рока. Тым не менш некаторым удзельнікам фестывалю музычныя кампазіцыі беларускай групы прыйшліся па душы.

Зусім па іншаму выглядала пляцоўка перад сцэнай, калі на яе выйшаў музычны калектыў 7000$. А праз хвіліну натоўп павялічыўся ў некалькі разоў. Хлопцы разагрэлі натоўп і атрымалі магутную аддачу.

фестываль «Мост»

Саліст групы «Рекорд Оркестр» носіць на выступах тое, што яму падарылі слухачы пасля канцэртаў – прынамсі, так ён сказаў нам падчас прэс-канферэнцыі. І гэты раз не быў выключэннем. З атрыбутыкі на ім была кучомка ды шабля. Музыкі выканалі сваю скандальна-нашумелую песню «Лада седан», а таксама «Лезгино Балкано» і іншыя. І пад моцныя апладысменты пакінулі малую пляцоўку.

Адна з лепшых беларускіх груп на сённяшні дзень – «Дай дарогу!» – і на гэтым фестывалі адарваліся па поўнай. Пад кампазіцыі «Прыгай в коляску», «Танкисту», «Д.С.П.Г.» адрывалі ногі ад зямлі ўсе. Як мы палічылі, слухацкая аўдыторыя «Дай дарогу!» ахоплівае людзей ад 4 да 60 гадоў. Група заражае сваім пазітывам і энергетыкай так, што стаяць на месцы проста немагчыма ў любым узросце. І таму разам з імі скакала ўся «Баравая».

фестываль «Мост»

І вось, на маленькай пляцоўцы з’явілася адна з самых чаканых груп фестывалю – Skillet. Аматары сустрэлі музыкаў з запалам і гучна скандавалі назву групы. Выступ пачаўся з песні Whispers In the dark, таксама прагучалі Comatose, Rise, SickOfIt. Пасля выступу саліст групы, Джон Купер, распавёў, што дзяўчыны славянскай знешнасці нездарма лічацца аднымі з самых прыгожых у свеце. На фестывалі ён сам убачыў гэта.

фестываль «Мост»

Заключным акордам стаў выступ расійскай рок-групы «ДДТ». Юрый Шаўчук выканаў шмат хітоў, прагучалі кампазіцыі «Последняя осень», «Родина», «Это всё, что останется после меня». Па заканчэнні ніхто не спяшаўся разыходзіцца, публіка патрабавала яшчэ, і група сыграла на біс. Выступ «ДДТ» адрозніўся ад іншых груп асаблівай цеплынёй і душэўнасцю.

фестываль «Мост»

фестываль «Мост»

Дадаць каментар

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.