Вы тут

Ці вернецца Макс Корж да беларускамоўнай творчасці?

Facebook Google+ Twitter VK

Сярод вядомых музыкаў, якія калісьці перасякаліся ў творчасці з беларускай мовай (а такіх, як паказвае час, дастаткова), ёсць зорка з горада Лунінца Брэсцкай вобласці, артыст хіп-хоп і поп жанраў Макс Корж. Працяглую частку сваёй творчай дзейнасці Корж аддаў рэп-групе LunClan, якая ў сярэдзіне 2000-ых мела пэўную вагу ў беларускамоўнай хіп-хоп прасторы і была адной з нешматлікіх айчынных рэп-каманд, якая стаяла ў вытокаў беларусізацыі хіп-хоп плыні ў музмерыдыяне краіны. Якія адносіны з беларускай мовай былі ў Макса Каржа, а якія ёсць зараз – чытайце ніжэй.

Макс Корж

Сам Корж вельмі добра адносіўся да беларускай мовы, як, уласна, і LunClan. У іх не было трэкаў на рускай мове. Цалкам беларускі стыль. У розныя часы група налічвала ад 6 да 12 удзельнікаў, сярод якіх з самага пачатку ярка вылучаўся Макс Корж. Гэта і быў яго музычны дэбют. Тэмы песень групы мелі разнастайны характар: ад любоўнай лірыкі да сацыяльных разваг. Група прадстаўляла хіп-хоп не толькі ў музычным амплуа, але і ў стылі адзежы: хлопцы насілі шырокія рэперскія байкі і вялікія джынсы, што і адрознівала іх ад мноства іншых беларускіх рэп-каманд. LunClan праводзіла сваю актыўную дзейнасць да 2009 года, калі ўдзельнікі разышліся па сольных праектах.

Фота з сацыяльных сетак

Тым часам Корж, які прыняў удзел яшчэ ў некалькіх музычных праектах (група M.City і праект Шrec Pro), вырашыў заняцца сольнай творчасцю. Ён адышоў ад хіп-хоп музыкі, зацікавіўшыся іншым кірункам: Макс вырашыў паспрабаваць сябе ў клубнай сферы. Ён робіць спробу змяшаць розныя музычныя павевы ў сваёй творчасці, сярод якіх яго густ прыцягваюць навамодныя стылі – рэп, поп і дабстэп. Спроба атрымалася паспяховай: пасля запісу яго першага сольнага альбома пад назвай «Животный мир» у 2012 годзе, рэперам зацікавіўся знакаміты расійскі рэп-лэйбл Respect Production, вядомы па супрацоўніцтве з папулярнымі праектамі «Каста», «Песочные люди», «ЮГ», «Смоки Мо» і г.д., і прапанаваў падпісаць кантракт. Тады і пачалася сапраўдная хваля папулярнасці «новага» рускамоўнага Каржа: прафесійныя кліпы, добры продаж студыйнага альбома «Жить в кайф», аншлаговые канцэрты на найбуйнейшых пляцоўках краін СНД.

Літаральна за 2 гады Макс Корж стаў адным з самых папулярных маладых выканаўцаў на тэрыторыі СНД. Рэпер атрымаў званне беларускага першаадкрывальніка «Мінск-арэны», стаўшы першым беларусам, які выступіў на 15-тысячнай пляцоўцы з сольным канцэртам, сабраўшы яе цалкам. Корж не забыўся і пра сваіх старых сяброў: сёння яго бэк-вакалістам з'яўляецца гэтак жа ўдзельнік LunClan – Аляксей Sui-na-cool Лазько, а на першым вялікім канцэрце ў Мінску на разагрэве былі яго старыя сябры Ягор Zeman Гаўрылаў і Алег ЛСП Саўчанка, якія, дарэчы, таксама супрацоўнічалі з Каржом па беларускамоўным рэпертуары (З архіваў MZ: сумесны трэк Макса Каржа і ЛСП на беларускай мове!). Нават тады, калі Корж збірае арэны і палацы, ён можа зачытаць нешта і па-беларуску (глядзець ад 2:11 да 2:55).

25-летні Корж не перастае заяўляць, што беларускамоўную хіп-хоп культуру ён не пакідаў: «З беларускамоўнага рэпу я нікуды не сыходзіў. Проста я зараз працую трохі ў іншай плыні. Так, вядома, у мяне яшчэ будуць песні на беларускай мове. Хутчэй за ўсё, яны будуць па-за альбомамі, але яны будуць», – казаў Корж у інтэрв’ю MZ production. І напраўду, Корж далёка ад сваёй Радзімы (вядома, у маральным плане) не сышоў: нават на піку папулярнасці яго заўважаюць на канцэртах беларускамоўных выканаўцаў. Вось, напрыклад, відэа з Інстаграма Макса Каржа, у якім ён падпявае песні Лявона Вольскага.

Непасрэдна словы пра музыку Максім пацвердзіў справай. Ён стаў удзельнікам складанкі беларускамоўнага рэпа «Жалуды» ад MZ production, у дадатку да якой з’явілася яго сумесная песня з групай LunClan «Мая братва». У канцы 2014 гады Корж выпусціў чарговы альбом, які атрымаў назву «Хатні», на вокладцы якога змешчана фатаграфія з чальцамі яго сям'і, прыбранымі ў трэнд гэтага сезону – нацыянальныя вышыванкі.

Дадаць каментар

Plain text

  • HTML тэгі не дазволены.
  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.